Падвядзеньне вынікаў фестывалю сярэднявечнае культуры ў Мсьціславе
17-19 жніўня 2007г.
Чарговым горадам у Беларусі, які прыняў рыцарскі фэст, стаў, як перадалі беларускія СМІ, Мсьціслаў. Упершыню такое сьвята адбылося ва ўсходняй Беларусі. Упершыню таксама яго арганізавала каталіцкая парафія, што асабліва спадабалася прыбыўшым рыцарам, дамам, вучоным і артыстам. Фэстываль ладзіўся менавіта на парафіяльнае сьвята – Унебаўзяцьце Божае Маці, з нагоды 15-годдзя адраджэньня каталіцкае парафіі ў Мсьціславе пасьля камуністычных перасьледаў, і 405-ае гадавіны першага ўзгадвання аб гэтае парафіі ў гістарычных крыніцах. Паколькі свята было арганізавана Каталіцкаю Царквою, побач з баталістычнымі (рыцарскія турніры) і мастацкімі (сярэднявечная музыка й тэатр) рэканструкцыямі аднолькавае значэньне мела й літургічная, калі магчыма гэтак назваць не тэатралізаваныя, але рэальныя дзеі. Карыстаючыся літургічнаю актаваю Унебаўзяцця Найсвяцейшае Дзевы Марыі, 4-ты дзень каторае (18 жніўня) прыйшоўся на суботу, уноч з пятніцы на суботу пры запоўненай царкве былі адпраўленыя палуночніца (matutinum) і ютрань – канешне, да канца гэтага набажэнства засталіся не ўсе, але тыя, што ўсё ж пастараліся, маглі адчуць, як піша пра плады такога манастычнага няспаньня адзін з даследчыкаў клясычнае рымскае літургіі Лашло Добшай, „асаблівае багаславеньне”. У суботу а 10.00 была адслужаная Сьвятая Імша паводле абраду сьвятога Пія V, ці яшчэ, як яе назваюць, клясычная, альбо трыдэнцкая, з шырокімі тлумачэньнямі на беларускай мове, як патрабаваў гэтага ад настаяцеляў ужо Трыдэнцкі Сабор. Падрыхтоўка да турніраў, якая мелася у той час, аднак, не паспрыяла таму, каб знайсьці час для наведваньня царквы, але ж у нашым храму было ўсё адно больш людзей , чым звычайна. Затое нядзельная Сьвятая Імша паводле таго самага абраду, у якім традыцыйна ўжо адпраўляецца а 12.00, сабрала йзноў поўную царкву – прыбылі з гонарам, аказваючы пашану нашае барокавае сьвятыні, шматлікія ўдзельнікі фестывалю ў гістарычных строях. У сваім казаньні пробашч зьвярнуў увагу на той факт, што такога роду гістарычныя рэканструкцыі зьяўляюцца не толькі забавай, але й служэньнем у справе набліжэньня грамадзцтва да хрысціянскіх ідэалаў, якімі было прасякнута сярэднявечча, гэтая эпоха, найбольш блізкая злучэньню зямнога зь нябесным. Такое служэньне дзеля асьветы грамадзцтва, дзеля вызваленьня ад змроку мадэрністычных і камуністычных забабонаў зьяўляецца куды больш важным, чым гуманітарная дапамога, якая звычайна ўважаецца за сутнасьць хрысціянскае веры. На такія думкі наводзіць Эвангельле 13-ае нядзелі пасьля Спасланьня Сьвятога Духа, што кажа аб міласэрдным самараніне. Слухачы зь вялікаю ўдзячнасьцю ўспрынялі словы аб мечы духоўнае барацьбы, якую пакліканыя весьці ў сёньняшнім сьвеце, таксама й праз свой удзел у арганізацыі гэткіх турніраў. Не дзіўна, што йнсцэнізаванае звычайна багаславеньне крыжаносцаў падчас турніраў мясцовы плябан зьмяніў на сапраўднае, прачытаўшы яго па-беларуску й па лаціне: „Анёлы й Арханёлы, ўсе Сьвятыя Божыя, а перад усім мае сьвятыя заступнікі, заступіцеся за мяне, каб я годна вёў гэтую барацьбу дзеля славы й гонару Ймя Госпада, а таксама на карысць маю й ўсяе Сьвятое Царквы.” „Крыжаносцы” праігралі турнір на карысць „Ліцьвінаў”, адзін жа з гэтых „Тэўтонцаў” быў нават кантужаны ў плячо – аднак, як зноў падкрэсьліў плябан у нядзельным казаньні, малітва ня мусіць прынесьці перамогу, але ейная мэта – годна прайсці шлях духоўнае барацьбы, якую вядзем праз усё сваё жыцьцё. Маем вялікую надзею, што мсьціслаўскі фэст у гэтым кшталце, удасканалены дзякуючы новаму досьведу, станецца штогодным мерапрыемствам, а праз даследы й арганізацыйную працу нават несупынным. |